Блогера Андрэя Павука затрымалі за сюжэт пра яго на "Белсаце"

24 ліпеня блогер Андрэй Павук з пасёлку Акцябрскі паведаміў у Фэйсбуку: “Мяне затрымалі за супрацу з Белсатам”. Па яго словах, інспектар узбудзіўся, пабачыўшы тэг “Андрэй Павук” пад навіной на сайце “Белсат”.
Праваабаронцам з "Вясны" Павук па тэлефоне патлумачыў, што зранку яму затэлефанавалі і прапанавалі прыйсці ў міліцыю і даць тлумачэнне па нейкай адміністрацыйнай справе. Калі ён адмовіўся ад прапановы міліцыянтаў, яго затрымалі і адвезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе складаюць пратакол затрымання.
Па словах Павука, яго хочуць абвінаваціць у незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Нібыта, блогер апытваў людзей пра сваю майку з выявамі мясцовых чыноўнікаў.
На "Белсаце" з'явіўся сюжэт пра адміністрацыйную справу супраць Павука. Заяву ў міліцыю на яго напісалі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Елісееў і кіраўніца спраў Валянціна Шлапакова. Чыноўнікі лічаць, што блогер абразіў іх гонар і зганьбіў пачуцці сям’і, калі змясціў іх выявы на цішотцы.