Бі-Бі-Сі: над Украінай быў збіты расійскі лётчык — генерал-маёр у адстаўцы
У небе над Украінай быў збіты і загінуў генерал-маёр Ваенна-паветраных сіл Расіі ў адстаўцы Канамат Баташаў. Інфармацыю пра яго гібель пацвердзілі ў каментары Бі-Бі-Сі тры былыя падначаленыя генерала.
Баташаў — самы высокапастаўлены лётчык, пра гібель якога стала вядома.
Ён быў камандзірам авіяцыйнага палка. У 2012 годзе яго абвінавацілі ў крушэнні знішчальніка, кіраваць якім ён не меў правоў, і асудзілі ўмоўна на чатыры гады.
На момант гібелі Баташаву было 63 гады. Незразумела, якім чынам ён выконваў баявыя заданні ва Украіне. Суразмоўцы Бі-Бі-Сі мяркуюць, што лётчык "проста не змог застацца ўбаку".
22 траўня Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што ў Луганскай вобласці збілі расійскі штурмавік Су-25. Катапультавацца яго пілот не паспеў. Саслужывец Баташава пацвердзіў, што той лятаў ва Украіне менавіта на Су-25.
Паводле звестак Бі-Бі-Сі, ва Украіне загінуў прынамсі 31 расіскі ваенны лётчык.