Беспрацоўнага паляка асудзілі ў Беластоку за напад на беларускага лекара
Кулак, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Суд у польскім Беластоку прысудзіў жыхару Сувалак год турмы за напад на беларускага лекара на нацыянальнай глебе. Нападнік так ударыў беларуса па твары, што ў яго ацякло правае вока.
Інцыдэнт адбыўся ўвечары 29 студзеня сёлета, піша MOST. Мужчыны выпадкова сустрэліся, калі выгульвалі сабак. Спачатку гадаванец паляка напаў на сабаку пацярпелага. А пачуўшы акцэнт беларуса, паляк ударыў мужчыну ў твар і ў непрыстойнай форме запатрабаваў пакінуць Польшчу. Ён заявіў, быццам замежнікі забіраюць працоўныя месцы ў палякаў.
Пацярпелы беларус працуе ў Польшчы доктарам. Нападнік — беспрацоўны, які злоўжывае алкаголем і неаднаразова прыцягваўся да адказнасці.
Прысуд быў вынесены ў Апеляцыйным судзе Беластока 2 снежня. Акрамя адбыцця турэмнага тэрміну нападнік павінен будзе выплаціць пацярпеламу кампенсацыю шкоды — 1 тысячу злотых (каля 250 долараў). Таксама паляку забаронена кантактаваць з пацярпелым і набліжацца да яго бліжэй чым на 30 метраў на працягу трох гадоў.
Суддзя Януш Суліма падкрэсліў небяспеку злачынстваў на нацыянальнай і рэлігійнай глебе: "Павінен пайсці сігнал, што такія дзеянні шкодныя для грамадства, дрэнна сведчаць пра нашае грамадства. Неабходна таксама зразумець тое, як мог пачувацца сам пацярпелы, які прыехаў у Польшчу, з'яўляецца лекарам, лечыць у лякарні".