Беспілотнік, які ўпаў у Мінску, прыляцеў з боку Барысава — СМІ

Момант падзення абломкаў беспілотніка ў двары дома па вуліцы Матусевіча, 72 / Следчы камітэт
Дрон, які ўпаў 29 ліпеня на вуліцы Матусевіча ў Мінску, прыляцеў з паўночнага ўсходу. Да такіх высноваў прыйшла "Наша Ніва", якая праналізавала допісы ў сацсетках.
Спачатку беспілотнік праляцеў над Магілёўскай вобласцю. Там яго заўважылі каля 12-й гадзіны ночы. Над Магілёўшчынай ён ляцеў прыкладна гадзіну.
"У Магілёўскай вобласці ў 12 гадзін ночы прыкладна пралятаў над домам", — піша адзін з каментатараў. Іншая каментатарка адзначае, што чула гук дрона ў Магілёўскай вобласці каля гадзіны ночы.
"Так-так. Ноччу. Гук, быццам бы на матацыкле так нехта гнаў ці на мапедзе… Адразу падумала, што падалося, што нешта ў небе. У выніку, не падалося", — адзначае яшчэ адна сведка.
Каля паловы другой гадзіны ночы гук, падобны да гуку мапеда, чулі ўжо жыхары Барысава. Жанчына, якая падчас пралёту дрона была ў мясцовай бальніцы, піша:
"Сёння ноччу было два такія гукі перад самай навальніцай. Прыблізна ў гадзіну сорак. Наша бальніца ў Барысаве каля лесу, і дакладна пад вокнамі не можа ехаць мапед. Гук быў адзін раз вельмі моцны хуткасны, другі — праз хвілін 7 і менш быў чуваць. У нашай палаце чула не адна я. "Крылаты мапед, ці што?" — так мы падумалі".
Жыхары дома 72 на вуліцы Матусевіча кажуць, што не чулі ні сам дрон, ні момант яго падзення: "Я жыву ў гэтым доме. Нават чула яго. Дакладней, як машыны пачалі раўці. Сам беспілотнік урэзаўся дастаткова ціха".
У Следчым камітэце сцвярджаюць, што ў беспілотніка была баявая частка, запоўненая трацілам і вялікай колькасцю паражальных элементаў.



Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.