"Белсат" можа стаць інтэрнэт-парталам, але рашэнне яшчэ не прынятае

"Белсат" можа стаць інтэрнэт-парталам, але рашэнне яшчэ не прынятае

Беларускамоўны тэлеканал "Белсат" можа стаць інтэрнэт-парталам і часткай канала TVP Zagranica, заявіла прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Польшчы Ёанна Вайда. Але гэта толькі планы. Па-ранейшаму рашэння наконт будучыні тэлеканала "Белсат" не было прынята. МЗС Польшчы ў чарговы раз падкрэслівае, што мае намер не ліквідаваць яго, а толькі мадэрнізаваць і рэфармаваць, зрабіць больш эфектыўным. Варшава не адмаўляецца ад падтрымкі свабодных СМІ і дэмакратычных намаганняў у Беларусі, паведамляе polsatnews.pl.

Раней стала вядома, што МЗС Польшчы плануе скараціць бюджэт "Белсата" больш чым на дзве траціны. Кіраўніцтва тэлеканала заявіла, што гэта азначае яго ліквідацыю. У абарону "Белсата" выступілі  лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, кіраўніца Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс і іншыя вядомыя асобы. Збіраюцца подпісы за захаванне тэлеканала ў яго цяперашнім фармаце.