BELPOL: Машэнскі ўваходзіць у Прэзідэнцкі спартклуб, ён “гаманец” рэжыму

Ініцыятыва выпусціла фільм-расследаванне пра дзейнасць клуба / TUT.BY
Аляксандр Машэнскі ўваходзіць у склад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Яго подпіс стаіць пад дакументам арганізацыі аб выдзяленні стыпендый маладым спартсменам ад 8 снежня 2023 года. Гэтую інфармацыю апублікаваў BELPOL у сваім новым расследаванні, прысвечаным дзейнасці Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
На думку BELPOL, чалавек, які не ўваходзіць у гэты клуб, не можа візіраваць яго дакументы, а значыць, робіцца выснова — Аляксандр Машэнскі з'яўляецца членам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
Удакладненне Еўрарадыё: тое, што Машэнскі ўваходзіць у цэнтральны савет Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, не з’яўляецца сакрэтам, інфармацыя пра гэта апублікаваная на сайце арганізацыі.

BELPOL у фільме-расследаванні называе гэтую арганізацыю “пральняй па адмыванні грошай”. Сродкі туды паступаюць ад набліжаных бізнесоўцаў нібыта ў якасці спонсарскай дапамогі, а бізнесоўцы потым карыстаюцца прэферэнцыямі ад блізкасці да сям'і Аляксандра Лукашэнкі.
На падставе гэтага BELPOL мяркуе, што Аляксандр Машэнскі — “гаманец” Лукашэнкі.
Прэзідэнцкім спартыўным клубам кіруе сын Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый.
Прэзідэнцкі спартыўны клуб знаходзіцца пад санкцыямі ЗША.
Цалкам расследаванне пра дзейнасць клуба глядзіце ў відэа.
Хто такі Машэнскі і чаму вакол яго паднялася шуміха
На пасяджэнні Каардынацыйнай рады 11 лютага блогер Сяргей Пятрухін заклікаў увесці санкцыі супраць беларускага бізнесмена Аляксандра Машэнскага, абвінавачваючы яго ў падтрымцы рэжыму Лукашэнкі і выкарыстанні працы палітвязняў. Па словах Пятрухіна, Машэнскі "актыўна будаваў рэжым" і не выказваў публічнай пазіцыі па сітуацыі ў краіне.
Аднак прапанова блогера не атрымала падтрымкі ў большасці дэлегатаў рады. Яны ўказалі на недахоп дакументаў і юрыдычных падстаў для ўвядзення санкцый.
Некаторыя сябры КР, у тым ліку Аляксандр Кныровіч, падкрэслілі, што няма доказаў датычнасці Машэнскага да рэпрэсій ці вайны ва Украіне. У выніку ініцыятыву Пятрухіна не адобрылі.
Аляксандр Машэнскі — беларускі бізнесмен, генеральны дырэктар групы кампаній "Санта", ганаровы консул Ісландыі ў Беларусі і старшыня Беларускай федэрацыі акадэмічнага веславання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.