Беларусы з гуманітарным ВНЖ могуць атрымаць польскі праязны для замежніка
Беларускі пашпарт / Белсат
Беларусы, якія атрымалі ў Польшчы гуманітарныя часовыя віды на жыхарства, могуць атрымаць польскі праязны дакумент для замежніка, піша Цэнтр беларускай салідарнасці.
Гэты праязны выдаецца тэрмінам на адзін год і замяняе сабой пашпарт пры паездках за мяжу. Гэта адбываецца ў выпадку, калі пашпарт згублены, пашкоджаны або непрыдатны для выкарыстання, а атрымаць новы немагчыма. У першую чаргу гаворка ідзе, вядома ж, пра пагрозу рэпрэсій пры вяртанні на радзіму.
Беларусы могуць атрымліваць польскі праязны для замежнікаў ужо з 1 студзеня 2023 года. Для гэтага трэба ваяводзе па месцы жыхарства заяўніка падаць заяву на выдачу дакумента. Бланк заявы можна спампаваць па спасылцы.