Беларусы не змогуць адкрываць кашалькі на еўрапейскіх крыптабіржах
Крыптавалюта, ілюстрацыйнае фота / АР
Грамадзяне і рэзідэнты Беларусі не змогуць карыстацца заходнімі крыптабіржамі. Гэтыя абмежаванні ўведзеныя ў рамках 16-га пакета санкцый супраць Расіі, прынятага Еўрасаюзам 24 лютага і прымеркаванага да трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.
Еўрасаюз забараніў грамадзянам і рэзідэнтам Беларусі адкрываць (мець) крыптакашалькі ці захоўваць крыптаактывы на біржах, звярнула ўвагу выданне devby.io.
Акрамя таго грамадзянам Беларусі ці фізічным асобам, якія пражываюць у Беларусі, забаронена займаць кіраўнічыя пазіцыі і валодаць ці кантраляваць кампаніі або органы, якія займаюцца прадастаўленнем такіх паслуг.
Пад названыя абмежаванні не трапляюць тыя грамадзяне Беларусі, якія маюць часовы ці пастаянны дазвол на жыхарства ў краінах ЕС.
Таксама пад санкцыі Еўрасаюза трапілі "продаж, пастаўка, перадача, экспарт або прадастаўленне праграмнага забеспячэння, звязанага з разведкай нафты і газу". Гэтыя меры прынятыя для таго, каб тэрыторыю Беларусі не змаглі выкарыстоўваць для абыходу санкцый.
Як паведамлялася раней, пад санкцыі ЕС трапіў завод "Інтэграл", чыю прадукцыю знайшлі на полі бою.