Беларусы летась купілі ў Польшчы больш за 3000 кватэр

Жыллё, ілюстрацыйнае фота

Жыллё, ілюстрацыйнае фота

У 2024 годзе беларусы купілі ў Польшчы больш за 3000 кватэр — у паўтара раза больш, чым годам раней. Гэта другое месца сярод замежнікаў. Апярэджваюць нашых суайчыннікаў толькі ўкраінцы — яны купілі 8,8 тыс. кватэр.

Агулам у 2024 годзе замежнікі купілі ў Польшчы 17 330 кватэр, або на 21% больш, чым у 2023-м, паведамляе тг-канал "Беларусы ў Польшчы" са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі. Акрамя ўкраінцаў і беларусаў кватэры куплялі грамадзяне Расіі (368), Індыі (221), Кітая (161), Турцыі (153), В'етнама (107).

Часцей за ўсё замежнікі куплялі кватэры ў Варшаве (3535). У тройку лідараў уваходзяць таксама Кракаў (1523) і Вроцлаў (1491). Нашмат адстаюць ад іх Лодзь (827), Познань (540), Гданьск (325), Гожуў-Велькапольскі (204) і Шчэцін (158).

Некаторыя замежнікі пры куплі кватэры скарысталіся польскай праграмай "Бяспечны крэдыт 2%", запушчанай у 2023 годзе. Яе выкарысталі 2215 украінцаў і 492 беларусы.

У 2024 годзе з дазволу МУС Польшчы грамадзяне Беларусі аформілі 303 ўгоды з зямельнымі ўчасткамі агульнай плошчай 11,7 гектара (у сярэднім 400 кв. метраў на адзін участак). Таксама беларусы атрымалі 168 дазволаў на куплю нерухомасці ў памежнай зоне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.