Беларускія навукоўцы сабралі дадзеныя пра забруджванне Усходняй Антарктыды

Беларуская экспедыцыя сабрала прыродныя ўзоры, а турэцкія навукоўцы апублікавалі артыкул / Скриншот видео
Беларускі вучоны і ўдзельнік антарктычнай экспедыцыі Ягор Корзун стаў суаўтарам навуковага артыкула пра забруджванне Усходняй Антарктыды, паведамляе канал “De facto. Беларуская навука”.
Матэрыял быў падрыхтаваны на падставе прыродных узораў, сабраных падчас 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі ў пачатку 2022 года каля Гары Вячэрняй.
Асноўны калектыў аўтараў артыкула склалі турэцкія навукоўцы. Артыкул апублікаваны ў свежым нумары часопіса Water, Air, & Soil Pollution.
Як паведамляецца ў даследаванні, узровень забруджвальных рэчываў у раёне гары аказаўся нізкім у параўнанні з іншымі часткамі Антарктыды. Наяўнасць хлараваных пестыцыдаў, што выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, звязваюць з пераносам іх з бліжэйшага мацерыка па атмасферы.

Азёры ў Антарктыдзе выступаюць паглынальнікамі як мясцовых, так і пераносных забруджвальных рэчываў. Там яны назапашваюцца з-за нізкага выпарэння і халоднага клімату. Таму навакольнае асяроддзе азёр варта ўключыць у доўгатэрміновыя праграмы маніторынгу, падкрэсліваецца ў артыкулу.
Раней паведамлялася, што Беларусь не атрымала статус кансультатыўнага боку ў Дагаворы аб Антарктыдзе, нягледзячы на наяўнасць уласнай станцыі. Іншыя краіны выказалі сумневы ў якасці беларускіх навуковых даследаванняў, указваючы на недастатковую разнастайнасць тэм у праграме, а таксама на цяперашнюю геапалітычную сітуацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.