"Беларускі дом друку" адмовіўся друкаваць і нумар "Свободных новостей"

25 жніўня не змог выйсці нумар "Свободных новостей" — аднаго з найстарэйшых незалежных выданняў Беларусі.
Пра прычыны гэтага ў каментары "Нашай Ніве" расказаў галоўны рэдактар газеты Васіль Зданюк.
"Афіцыйнага адказу няма, але гэта тое самае, з чым сутыкнуліся "Народная воля", "Комсомольская правда", "Белгазета". Сказалі, што абсталяванне патрабуе рамонту. Друкаваць у Беларусі не варыянт. А рабіць за мяжой, як "Народная воля"… Не ведаю, гэты шлях таксама можна лёгка перакрыць. Рашэнне прымаецца ж не ў Доме друку, а вышэй", — патлумачыў Зданюк.
Праблемы з друкам у дзяржаўнай друкарні першая адчула "Комсомольская правда": на мінулым тыдні яна атрымала тры адмовы. У друкарні кожны раз спасылаліся на паломку машыны. Потым тыя ж праблемы пачаліся ў "Народнай Волі". А сёння да чытачоў не трапіў свежы нумар "БелГазеты". Усе яны асвятлялі масавыя вулічныя пратэсты ў краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.