Беларускі чыноўнік назваў былога кіраўніка МАК Баха "двудушным"

Томас Бах

Нязгода як са старым кіраўніком МОК, так і з новым / olympics.com

Намеснік старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Дзмітрый Дземідзік назваў былога прэзідэнта МОК Томаса Баха "двудушным" і паскардзіўся, што і новая прэзідэнтка не спяшаецца ісці насустрач Беларусі.

У інтэрв’ю тэлеканалу "Беларусь 5" Дземідзік заявіў, што Бах ламаў кар’еры беларускім спартсменам, не дапускаючы некаторых з іх да Алімпіядаў:

— Застанецца двудушным. Нам, напрыклад, ламае кар’еры. Спартсмены ідуць, стараюцца паказаць вынік, марнуюць здароўе, хочуць трапіць на Алімпіяду, а ён бярэ і разбурае іх мэту. На мой погляд, з-за палітычных прычын, а не дзеля спорту. У дачыненні да іншых краін ён дзейнічае мякчэй. І яны яму будуць удзячныя, бо нашы мацнейшыя спартсмены на Алімпіяду не едуць, — наракае чыноўнік.

На пытанне, што зменіцца пасля таго, як на пасаду ўступіць новая кіраўніца МОК Кірсці Кавентры, Дземідзік адказвае: нічога.

— На жаль, у нас усё стабільна ніяк. Як было заяўлена пра недапуск, так і засталося. Хоць ідзе перапіска, гутарка, але ўсё марна, — скардзіцца намеснік старшыні.

Паскардзіўся Дземідзік і на прэзідэнта Сусветнай федэрацыі лёгкай атлетыкі Себасцьяна Коў, які таксама не хоча ісці на саступкі беларускай баку.

— Себасцьян Коў хацеў стаць прэзідэнтам МАК, але яго, атрымліваецца, не абралі. На саступкі ён наўрад ці пойдзе. Спрабуюць абяцаць, але выразна далі зразумець, што, пакуль не будзе падпісана нейкае мірнае пагадненне, зрухаў не чакай.

Нагадаем, што пасля нападу Расіі на Украіну ў лютым 2022 года, дзе Беларусь выступіла саагрэсарам, нашу краіну адлучылі ад удзелу ў буйных міжнародных спаборніцтвах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.