Беларуска праходзіць сведкай па справе аб запуску дрона ў Варшаве — СМІ

Бельведэр — тут жыве прэзідэнт Польшчы з сям'ёй / Fotorzepa
17-гадовая беларуска, затрыманая з 21-гадовым украінцам за запуск дрона над рэзідэнцыяй прэзідэнта Польшчы, праходзіць па справе ў якасці сведкі. Пра гэта паведамляе польскае RMF FM.
Журналісты кажуць, што неафіцыйна даведаліся пра вынікі абследавання дрона і тэлефонаў маладых людзей, якое правялі спецслужбы. Паводле іх звестак, Агенцтва ўнутранай бяспекі прыйшло да высновы, што маладыя людзі не дзейнічалі ў інтарэсах замежнай разведкі.
Сёння ўкраінца і беларуску прывязуць да пракурораў. Хлопцу выставяць абвінавачванні ў парушэнні закона аб авіяцыі, бо ён запусціў дрон у зоне, закрытай для палётаў. Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Верагодна, юнак звернецца з хадайніцтвам аб добраахвотным прыняцці пакарання.
Беларуска ж застаецца сведкай па гэтай справе і будзе дапытаная ў такім статусе.
Пра дрон, які лятаў над урадавымі будынкамі і рэзідэнцыяй прэзідэнта ў цэнтры Варшавы ўвечары 15 верасня паведаміў кіраўнік польскага ўрада Дональд Туск. Спярша гаварылася, што па гэтай справе затрыманыя двое беларусаў. Пазней выявілася, што гэта 21-гадовы ўкраінец і 17-гадовая беларуска. Хлопец жыве ў Польшчы восем гадоў, дзяўчына прыехала некалькі дзён таму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.