Беларуска пералічыла больш за 3000 долараў “амерыканскаму салдату”

Беларуска пералічыла больш за 3000 долараў “амерыканскаму салдату”

Беларуска, якой крыху больш за 30 гадоў, пералічыла больш за 3000 долараў “амерыканскаму салдату”. Жыхарка Вілейкі, якая працуе ў Мінску на прэстыжнай працы, стала ахвярай махляра. Пра гэтую гісторыю распавёў сайт kraj.by. Жанчына звярнулася да праваахоўнікаў у жніўні. Яна распавяла, што на міжнародным сайце знаёмстваў скантактавалася з амерыканцам, які служыць у Афганістане. Мужчына распавёў, што ў яго ёсць дзеці, а жонка загінула ў аўтакатастрофе. Яны сталі перапісвацца (выкарыстоўвалі Гугл-перакладчык), а пасля — размаўляць па тэлефоне.

Праз нейкі час ”салдат” паведаміў, што хацеў бы сустрэцца з жанчынай і гатовы прыехаць у Беларусь, але “наяўных ён не мае”, паколькі заробак яму пералічваюць “толькі на рахунак у Амерыцы”. Назваў ён і іншыя праблемы, якія перашкаджалі іх сустрэчы. Беларуска вырашыла дапамагчы і пералічыла знаёмаму буйную суму грошай. Калі ж зразумела, што “амерыканскі салдат” насамрэч з’яўляецца махляром, звярнулася да праваахоўнікаў. Вілейская міліцыя правяла праверку, але раскрыць справу не змагла. Падобныя злачынцы, якія знаходзяцца за мяжой, пераводзяць грошы з рахунка на рахунак, карыстаюцца непраўдзівымі дадзенымі.