Беларуса з пісталетам затрымалі ў польскім цягніку

Канфіскаваны пісталет / kgsok.pl
У польскім Шчэціне супрацоўнікі чыгуначнай аховы затрымалі 49-гадовага беларуса з пісталетам, падобным да баявога. Пры затрыманні мужчына сказаў, што едзе ваяваць у Беларусь, паведамляе Служба аховы чыгунак Польшчы.
Здарэнне адбылося 27 красавіка ў цягніку, які ішоў з Камень-Паморскага ў Шчэцін. Адзін з пасажыраў паводзіўся неспакойна, а таксама ў яго заўважылі зброю. Пра гэта начальнік цягніка паведаміў чыгуначнай ахове. У Шчэціне мужчыну, які аказаўся грамадзянінам Беларусі, перастрэлі супрацоўнікі ведамства.
Паведамляецца, што пры затрыманні беларус паводзіўся агрэсіўна і сказаў, што едзе ваяваць на радзіму. Пазней выявілася, што ў яго быў не баявы пісталет, а траўматычная зброя — мадэль BYRNA SD. Страляе такі пісталет гумовымі і пярцовымі шарыкамі, але выглядае як сапраўдны.
Мужчыну даставілі ў аддзяленне паліцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.