Беларуса ў Польшчы будуць судзіць за нелегальнае працаўладкаванне замежнікаў

Польскія памежнікі праверылі працаўладкаванне іншаземцаў / strazgraniczna.pl
Некалькі грамадзян Беларусі трапіліся ў Польшчы на нелегальнай працы. Пра гэта паведамляе польская памежная служба.
Супрацоўнікі памежнай службы ў Гдыні і Калабжэгу правялі праверку на прадпрыемстве, якое накіроўвала работнікаў працаваць на тэрыторыі Гданьскай суднаверфі. Замежнікі працавалі мантажнікамі, зваршчыкамі, малярамі, слесарамі, электрыкамі і будаўнічымі рабочымі. Выявілася, што без дазволаў на працу, нелегальна працаваў 41 чалавек. У іх ліку аказаліся грамадзяне Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы і Украіны. Іх працадаўцу чакае суд.
А ў Калабжэгу пад суд трапіў беларус — уладальнік будаўнічай кампаніі, у якой працавалі пераважна грузіны. Памежнікі праверылі яго фірму і выявілі нелегальнае працаўладкаванне 14 іншаземцаў. Дзевяць з іх аштрафавалі, а справы астатніх пяці і беларуса-прадпрымальніка будзе разглядаць суд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.