Беларусь увайшла ў ТОП-10 краін, найгоршых для працоўных
Яна трапіла ў адну групу з такімі краінамі, як Егіпет, Катар, Пакістан.
Беларусь увайшла ў дзясятку найгоршых краін для працоўных па версіі Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў. Такія дадзеныя ўтрымліваюцца ў глабальным індэксе па правах працоўных на цяперашні год. Вынікі свайго даследавання МКП прадставіла 10 чэрвеня на 104-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе. Вынікі даследавання таксама апублікаваныя на сайце Усееўрапейскага рэгіянальнага савета МКП.
Апроч Беларусі ў катэгорыю найгоршых для працоўных краін таксама аднесеныя Гватэмала, Егіпет, Катар, Кітай, Калумбія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Пакістан, Саўдаўская Аравія і Свазілэнд.
У агульным рэйтынгу краін паводле абароны правоў працоўных Беларусь заняла 12-е месца са 141 і была змешчаная ў пятую з шасці катэгорый як дзяржава, дзе не гарантуецца датрыманне правоў працоўных.
Найлепшая сітуацыя з правамі працоўных сёлета ў 16 краінах, у лік якіх увайшлі Фінляндыя і Уругвай. Тут у 2015 годзе фіксаваліся толькі адзінкавыя парушэнні правоў працоўных, паведамляе БелаПАН.
Фота з архіву