Беларус у Threads падрабязна расказаў, як на мяжы затрымалі за падабайку

На беларускай мяжы, ілюстрацыйнае фота / Reuters
Беларус, які прыехаў на радзіму ў адпачынак, трапіў у ізалятар і пад суд за падабайку. Пра гэта ён падрабязна расказаў у сацсетцы Threads, заўважылі праваабаронцы "Вясны".
Мужчына піша, што на мяжы ў яго тэлефоне знайшлі падабайку пад пастом Святланы Ціханоўскай 2020 года. Мужчына быў упэўнены, што нічога не парушыў, бо канал прызналі экстрэмісцкім у 2023 годзе.
Аднак яго затрымалі і адправілі ў ІЧУ, дзе ён прабыў амаль два дні. Потым быў суд, які доўжыўся 7 хвілін. На судзе мужчына даведаўся, што падабайку ён нібыта паставіў у той самы дзень, калі перасякаў мяжу. Яму прысудзілі штраф у 504 рублі (12 базавых велічыняў), пасля чаго яшчэ 10 працоўных дзён давялося чакаць, каб пастанова набыла моц і можна было забраць тэлефон — яго не канфіскавалі, бо падабайка была пастаўленая з іншага тэлефона.
Такім чынам, беларус прыехаў на радзіму на тыдзень, а правёў 20 дзён. Кажа, што найбольш яму запомніліся словы памежнікаў, якія затрымлівалі, і міліцыянтаў, якія выпускалі з ІЧУ: "Добро пожаловать на родину!".
Паводле звестак "Вясны", ад пачатку 2025 года на мяжы з Беларуссю былі затрыманыя як мінімум некалькі дзясяткаў чалавек. Праверкі тэлефонаў, допыты і затрыманні адбываюцца на мяжы штодня.





Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.