Беларусь хоча купляць па два-тры самалёты на год

Самалёт "Белавія"

Самалёт "Белавія" / Еўрарадыё

Беларусь плануе купляць па два-тры новыя сярэднемагістральныя і далёкамагістральныя самалёты ў год. Пра гэта міністр транспарту Аляксей Ляхновіч заявіў у тэлеэфіры.

Ён падкрэсліў, што ў беларусаў карыстаюцца вялікім попытам такія кірункі, як Масква і Турцыя. Але беларуская кампанія "Белавія" не пакрывае цалкам попыт пасажыраў на такія рэйсы. Таму ім даводзіцца шукаць альтэрнатывы з перасадкамі.

Ляхновіч мяркуе, што справіцца з гэтай праблемай дапаможа пашырэнне авіяпарку. Таксама закупка новых самалётаў дазволіць знізіць цэны на квіткі.

Акрамя тагоа, Ляхновіч анансаваў да верасня адкрыццё новых прамых рэйсаў у курортныя рэгіёны Кітая і В'етнама.

Напярэдадні "Белавія" пахвалілася трыма новазакупленымі самалётамі Airbus 330-200, якія даставілі ў краіну насуперак санкцыям Еўрасаюза, уведзеным за ўдзел лукашэнкаўскага рэжыму ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Для іх куплі выкарыстоўвалася фірма, зарэгістраваная ў Гамбіі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.