У абыход санкцый у Беларусь даставілі тры самалёты Airbus

Кампанія "Белавія", ілюстрацыйнае фота

Кампанія "Белавія", ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА

Кампанія "Белавія" рыхтуецца лятаць на самалётах Airbus, купленых у абыход санкцый. Зробленыя ў Еўропе самалёты даставілі ў Беларусь праз гамбійскую фірму-пракладку.

Гаворка ідзе пра самалёт Airbus A330-200. Яны ўжо атрымалі рэгістрацыйныя нумары EW-587PD, EW-588PD і EW-589PD, расказала расследвальнікам "Бюро" крыніца ў авіяцыйнай галіне.

Адзін з самалётаў, перафарбаваны ў ліўрэю "Белавія", трапіў у кадр відэасюжэту, знятага нядаўна ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. На відэа можна разабраць беларускі рэгістрацыйны нумар — EW-589PD.

Раней самалётаў Airbus у авіяпарку "Белавія" ніколі не было, а вось расійскі "Аэрафлот" выкарыстоўвае іх ужо даўно. Таму беларускія бортправаднікі з канца мінулага года вучыліся абслугоўваць самалёты, якія прыбылі ў Мінск. Фатаздымкі гэтай падрыхтоўкі расследвальнікі выявілі ў сацсетках.

Яшчэ адна крыніца ў авіяцыйнай сферы расказала журналістам, што "Белавія" разлічвае ў найлепшым разе запусціць у эксплуатацыю толькі два самалёты да канца гэтага года. Цяпер іх прыводзяць да ладу, бо самалётам больш за 20 гадоў і там зношаны салон.

Для закупкі самалётаў у абыход санкцый ЕС, якія дзейнічаюць са снежня 2021 года, была выкарыстаная гамбійская кампанія Magic Air. Ёй фармальна належаць самалёты, яна ж даставіла іх у Мінск. Гамбія не трапляе пад заходнія авіяцыйныя санкцыі і не брала на сябе ніякіх абавязкаў па іх выкананні.

Асноўным уладальнікам кампаніі Magic Air з’яўляецца іарданскі бізнесовец сірыйскага паходжання Тарэк Зіяд Абдэль Хамід аль-Аджамі. Раней ён прыганяў самалёты Airbus для сірыйскай авіякампаніі Cham Wings, якая ў часы Башара Асада выкарыстоўвалася для перавозкі сірыйскіх наёмнікаў, гандлю зброяй, наркатрафіку і адмывання грошай. Таксама Еўрасаюз увёў на Cham Wings санкцыі за тое, што кампанія перавозіла ў Беларусь мігрантаў з Сірыі, якія спрабавалі нелегальна трапіць у ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.