БЧ хоча браць грошы з Літвы за інфармацыю па грузах

Спосаб урваць хаця б трошкі валюты?

Спосаб урваць хаця б трошкі валюты? / Коллаж "Сообщества железнодорожников Беларуси"

Кіраўніцтва Беларускай чыгункі хоча браць грошы з Літоўскіх чыгунак за прадастаўленне “дадатковай падрабязнай інфармацыі і дакументацыі” па грузах, заяўленых да перавозкі чыгуначным транспартам з тэрыторыі Беларусі ў Літву. Пра гэта піша “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”.

Гэтую інфармацыю літоўскія ўлады патрабуюць у мэтах выканання дзеючых санкцыйных абмежаванняў у дачыненні да асобных прадпрыемстваў, іх прадукцыі, а таксама некаторых асобаў. Толькі пасля праверкі прадстаўленых звестак дазваляецца накіроўваць грузы.

Цяпер у выпадку адмовы даць запытаныя дакументы або пры падазрэннях літоўскага боку ў спробе парушэння санкцыйнага рэжыму адпаведная перавозка можа быць прыпынена, а заяўка адхілена.

Чыноўнікі БЧ хочуць атрымліваць за гэта грошы, і на селектарнай нарадзе з літоўскім бокам абмяркоўваліся магчымыя спосабы і механізмы ўвядзення такой платы. Дакладна пакуль невядома, які будзе кошт гэтай “паслугі”.

У той жа час раней такую інфармацыю па патрабаванні літоўскага боку грузаадпраўнікі прадастаўлялі цалкам бясплатна. Часам гэтую інфармацыю таксама бясплатна перадавала і Беларуская чыгунка.

Паводле звестак “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”, літоўцы адмаўляюцца плаціць за падобную “паслугу”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.