БАТЭ сёння згуляе ў Лізе чэмпіёнаў з ірландскім “Дандалкам”
Заўзятары ірландцаў пры гэтым абяцаюць “цёплы прыём” нападаючаму барысаўчан Віталю Радзівонаву.
Барысаўскі клуб БАТЭ сёння пазмагаецца за выхад у 3-ці раунд футбольнай Лігі чэмпіёнаў з ірландскім “Дандалкам”. Матч, які пачнецца ў 21.45 паводле беларускага часу, пакажа ў жывым эфіры тэлеканал "Беларусь 5". Каментатарам трансляцыі прызначылі Уладзіміра Навіцкага.
Нагадаем, 15 ліпеня на "Барысаў-Арэне" БАТЭ выйграў у ірландцаў з лікам 2:1. У тым паядынку здарыўся непрыемны эпізод — Віталь Радзівонаў штурхануў Дэйна Мэсі, але суддзя на гэта ніяк не адрэагаваў. "Дандалк" падаў скаргу, аднак дысцыплінарны камітэт УЕФА яе адхіліў. Таму Радзівонаў згуляе ў сённяшнім матчы.
Між тым фанаты “Дандалка” вельмі абураныя рашэннем суддзяў і ў сацыяльных сетках абвінавачваюць БАТЭ ў подкупе чыноўнікаў УЕФА за “мільярды беларускіх рублёў”. Таксама заўзятары клуба абяцаюць Радзівонаву “цёплы прыём” і зычаць “турбулентнага палёту”. Ірландскія СМІ смакуюць гэты матч наперад і прысвячаюць яму цэлыя газетныя развароты, піша Прессбол.
Усе матчы БАТЭ ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў