Асуджэнне анэксіі ў ААН і зброя для Украіны ад НАТА — 232-я раніца вайны
Заходнія краіны абяцаюць дапамагчы Украіне са зброяй / facebook.com/GeneralStaff.ua
Гэтай ноччу расіяне абстралялі Мікалаеў — ёсць трапленне ў пяціпавярховы жылы дом. Пра гэта пад раніцу напісаў мэр горада Аляксандр Сянкевіч. Па яго словах, "два верхніх паверха разбураны да падставы, астатнія — пад заваламі". На месцы працуюць ратавальнікі. Пазней кіраўнік Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Віталь Кім распавёў, што з-пад завалаў дасталі 11-гадовага хлопчыка. "Дзіця правяло там 6 гадзін. Цяпер яму аказваецца меддапамога. Працягваюцца пошукі яшчэ 7 чалавек", напісаў раніцай Кім.
А Кіеўскую вобласць атакавалі дронамі-камікадзэ. Пад ударам была адна з грамад вобласці. Кіраўнік грамады папрасіў адміністратараў усіх груп і каналаў не паведамляць "дакладнае месца траплення, аб'ект і ступень разбурэнняў". У вобласці таксама працавала супрацьпаветраная абарона, піша УНІАН.
Пяць абстрэлаў перажыў гэтай ноччу Нікапальскі раен Днепрапятроўскай вобласці. "Больш за ўсё пацярпеў Нікапаль", — кажа кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Адзін чалавек паранены. Гэта 59-гадовы мужчына. Ён знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане. Па словах Разнічэнка, у горадзе пашкоджаныя больш за 30 шматпавярховых і прыватных дамоў, газаправоды і лініі электраперадач. Больш за 2 000 сем'яў засталіся без святла. Энергетыкі ўжо працуюць.
Расійскія войскі сканцэнтраваны цяпер на тым, каб сарваць украінскае контрнаступленне, і спрабуюць наступаць у раёне Бахмута і Аўдзееўкі. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.
"За мінулыя суткі акупанты нанеслі 3 ракетны і 21 авіяўдар, здзейснілі 104 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню. Ад удараў праціўніка пацярпелі аб'екты і мірныя жыхары больш за 40 населеных пунктаў", — кажуць украінскія вайскоўцы. Пры гэтым, па іх дадзеных, у некаторых раёнах баявых дзеянняў, у тым ліку ў Данецкай вобласці, расіяне прыпынілі наступ. "Асноўная прычына — вельмі нізкі маральна-псіхалагічны стан папаўнення, шматлікія факты дэзертырства з ліку мабілізаваных і невыкананне баявых загадаў", гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.
Расіяне, відавочна, перакінулі ва Украіну іранскіх інструктараў, якія павінны навучыць расійскіх вайскоўцаў працаваць з беспілотнікамі Shahed-136. Пра гэта пішуць у справаздачы эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. Яны спасылаюцца на дадзеныя Украінскага цэнтра супраціву. У цэнтры сцвярджаюць, што "іранскія інструктары непасрэдна кантралююць запуск беспілотнікаў па грамадзянскіх аб'ектах ва Украіне, у тым ліку ў Мікалаеўскай і Адэскай абласцях".
Генеральная Асамблея ААН напярэдадні прыняла рэзалюцыю аб непрызнанні расійскага псеўдарэферэндума. Рэзалюцыю пад назвай "Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны: абараняючы прынцыпы Статута ААН" падтрымалі 143 краіны, 35 дзяржаў устрымаліся. Супраць прагаласавалі толькі пяць краін – Беларусь, Паўночная Карэя, Нікарагуа, Сірыя і Расія.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў краінам, якія выказаліся супраць анэксіі ўкраінскіх тэрыторый. На ягоную думку, такая шырокая падтрымка паказвае, што "расійская спроба анэксіі нікчэмная і ніколі не будзе прызнаная свабоднымі нацыямі".
А ў чарговым звароце Зяленскі казаў аб выніках пасяджэння Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны (так званы "Рамштайн"). Сустрэча прайшла напярэдадні ў штаб-кватэры НАТА ў Брусэлі і была, па словах Зяленскага, даволі прадуктыўнай. Гаворка ішла, сярод іншага, аб прадастаўленні Украіне сістэм супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны.
"Чым больш дзёрзкім і жорсткім становіцца расійскі тэрор, тым больш яўна для свету, што дапамога Украіне з абаронай неба – гэта адна з самых важкіх гуманітарных задач для Еўропы нашага часу", — адзначыў Зяленскі.
Кіраўнік Пентагона Лойд Осцін па выніках сустрэчы ў штаб-кватэры НАТА заявіў, што Злучаныя Штаты перададуць Украіне сістэмы супрацьпаветранай абароны так хутка, як гэта магчыма. Ён таксама паабяцаў даць дадатковыя боепрыпасы да тых сістэм, якія ўкраінскія сілы ўжо выкарыстоўваюць, распавядае hromadske.
Нідэрланды дадуць Украіне ракеты на суму больш за 15 мільёнаў еўра для далейшага ўмацавання супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны.
Канада абвясціла аб новым пакеце вайсковай дапамогі на 47 мільёнаў даляраў. Ён будзе ўключаць зімовую вопратку, артылерыйскія снарады і камунікацыйныя тэхналогіі.
Германія на працягу наступных некалькіх тыдняў плануе перадаць Украіне дадатковыя рэактыўныя сістэмы залпавага агню MARS II і артылерыйскія ўстаноўкі PzH 2000.
Францыя абяцае зенітныя ракеты і радары — гэта заявіў прэзідэнт краіны Эмануэль Макрон, паведамляе Sky News. Ракеты для NASAMS, якія могуць збіваць крылатыя ракеты, перадасць Кіеву Вялікабрытанія, піша Reuters. "Апошнія невыбарачныя ўдары Расіі па грамадзянскіх раёнах ва Украіне патрабуюць далейшай падтрымкі тых, хто імкнецца абараніць сваю нацыю. Таму сёння я даў дазвол на пастаўку ва Украіну зенітных ракет AMRAAM", — сказаў брытанскі міністр абароны Уоллес. Акрамя таго, Вялікабрытанія прадаставіць Украіне яшчэ больш беспілотнікаў і 18 гаўбіц.
Тым часам у Кіеве і цэнтральных абласцях Украіны ўдалося стабілізаваць энергасілкаванне. "Укрэнерга" просіць жыхароў у гэтых рэгіёнах абмяжоўваць сябе ў выкарыстанні электрычнасці — не ўключаць лішнія электрапрыборы раніцай і ўвечары, калі спажыванне больш. Гэта знізіць нагрузку на сеткі і палегчыць працу энергетыкаў, якія займаюцца аднаўленнем сеткі.
Аварыйныя абмежаванні застаюцца ў Харкаўскай, Сумскай і Палтаўскай абласцях. У "Укрэнерга" распавялі, што апошнія ракетныя абстрэлы пашкодзілі нямала энергетычнага абсталявання. "Працы вельмі шмат. Маштабы і складанасць пашкоджанняў у розных рэгіёнах адрозніваюцца, таму дзесьці нам трэба больш часу", — распавялі ў кампаніі.
Кампанія Maxar Technologies апублікавала новыя спадарожнікавыя здымкі пашкоджанага ў выніку выбуху Крымскага моста. На здымках "бачныя рамонтныя работы на чыгуначнай галінцы Крымскага моста, а таксама на пашкоджаных участках пралёта аўтадарожнага/аўтамабільнага моста", — гаворыцца ў тлумачальным паведамленні кампаніі ў Twitter.