Арыштаваную маёмасць сям'і палітвязня Ігара Лосіка выставяць на продаж
Арыштаваную маёмасць сям'і палітвязня Ігара Лосіка выставяць на продаж. Пра гэта напісала ў Facebook яго жонка Дар'я Лосік.
Бытавую тэхніку і мэблю ("усё, што было набытае ў шлюбе") судовыя прыставы арыштавалі ў сярэдзіне ліпеня. Сярод яе — тэлевізар, піяніна, камплект мэблі з люстрам, чайнік.
Каб выкупіць арыштаваную дзяржавай маёмасць, Ігар Лосік павінен быў атрымаць дазвол у Аддзеле прымусовага выканання. Толькі пасля гэтага можна было б пералічыць грошы на дзяржаўны рахунак. Палітвязень даслаў адпаведную заяву, але ніякай рэакцыі на яе не было. Бо ў сераду Дар'і Лосік патэлефанавала судовая выканаўца і заявіла, што "уся арыштаваная маёмасць павінна быць выстаўлена на рэалізацыю".
Ігара Лосіка затрымалі ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020-га. Яго судзілі ў Гомелі разам з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам. У снежні 2021-га блогера асудзілі на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле суда, Лосік і іншыя фігуранты справы прычынілі шкоду дзяржаве на 2,5 млн рублёў, яшчэ каля 130 тысяч рублёў складалі судовыя выдаткі. Усе гэтыя грошы дзяржава плануе спагнаць са сваякоў асуджаных.