Арына Сабаленка без барацьбы выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў Штутгарце
Арына Сабаленка / x.com/WTA
З тэніснага турніру ў нямецкім Штутгарце знялася расійская тэнісістка Анастасія Патапава (№38 у рэйтынгу WTA). Прычыны зняцця спартоўкі пакуль невядомыя.
Перад гэтым Патапава ў напружаным паядынку першага круга здолела выйграць у тэнісісткі з Даніі Клары Таўсан — 2:6, 7:6 (10:8), 6:3. У другім крузе расіянку чакала сустрэча з першай ракеткай планеты беларускай Арынай Сабаленка.
Зняцце Патапавай адкрыла нашай суайчынніцы выхад у чвэрцьфінал турніру. Там яе саперніцай стане пераможца матчу паміж расіянкай Дзіянай Шнайдэр і бельгійкай Элісе Мертэнс.
Спаборніцтвы праходзяць з 14 па 21 красавіка. Прызавы фонд турніру сёлета складае 925 661 долар. А галоўнай "разыначкай" спаборнітваў з'яўляецца аўтамабіль Porsche Macan Turbo, які ўручаецца пераможцы турніру.
Летась пераможцай турніру стала казахстанская тэнісістка Алена Рыбакіна, але сёлета яна вырашыла прапусціць турнір.