Апытанне МУС: 76% ухваляюць адмену адказнасці за перавышэнне хуткасці да 20 км/г

Міністэрства ўнутраных спраў цікавіцца меркаваннем беларусаў наконт прапановаў па лібералізацыі заканадаўства. За 9 прапановаў можна прагаласаваць на сайце МУС і адразу паглядзець вынікі.
Каля 76% падтрымліваюць скасаванне адказнасці за перавышэнне хуткасці да 20 км/г. 86% — за тое, каб павялічыць з 400 да 1000 еўра памер шкоды ў выніку ДТЗ, калі можна не выклікаць ДАІ.
78% апытаных — за тое, каб з супрацоўнікаў міліцыі знялі неўласцівыя для ніх функцыі: адміністратыўны працэс у галіне гандлю, пажарнай бяспекі, працы СМІ, аховы жывёльнага і расліннага свету ды іншыя.
Таксама большасць апытаных за тое, каб супрацоўнік міліцыі мог выносіць папярэджанне без складання пратакола за адсутнасць пасведчання кіроўцы, распіццё піва ў грамадскім месцы, лаянку, знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, паленне ў забароненых месцах, пераход дарогі ў недазволеным месцы і знаходжанне на ёй у цёмны час сутак.
Такія папраўкі ў заканадаўства прапанаваў зрабіць грамадскі савет пры МУС. Цяпер кожны беларус можа прагаласаваць за іх на сайце міністэрства.
