Сяргей Бульба распавёў, што зараз адбываецца з прасторай “Робім разам”

Сяргей Бульба / Еўрарадыё
Кіраўнік прасторы “Робім разам” Сяргей Бульба распавёў, што зараз адбываецца з яе памяшканнямі.
“На дадзены момант сітуацыя застаецца без зменаў: хаб працягвае працу ў штатным рэжыме”, — кажа Бульба.
Раней Еўрарадыё пісала, што тэрмін дзеяння дамовы арэнды памяшкання па адрасе плошча Канстытуцыі, 6 скончыўся ў кастрычніку 2024 года. Але арганізацыя падала позву ў ваяводскі адміністрацыйны суд. Прадстаўнікі прасторы кажуць, што ў працэдуры прыняцця рашэння аб непадаўжэнні дамовы быў дапушчаны шэраг парушэнняў.
Ці былі яны дапушчаныя, вырашыць суд, а пакуль гарадскія ўлады абмежаваныя ў сваіх дзеяннях па высяленні прасторы “Робім разам” з памяшкання ў цэнтры Варшавы.
“Працягваецца судовы працэс. Яго задача — вызначыць законнасць дзеянняў гарадскіх органаў і наяўнасць магчымых парушэнняў", — кажуць прадстаўнікі прасторы ў каментары для Еўрарадыё.
У прасторы таксама пракаментавалі інфармацыю пра рост запазычанасцяў арандатараў, якая цяпер складае каля 17 тысяч долараў. Нам патлумачылі, што горад наклаў на арандатараў штраф за “выкарыстанне памяшкання без дамовы”. Сума штрафных санкцый, паводле прадстаўнікоў “Робім разам”, складае 200% арэнднай платы за месяц.
“Паколькі рашэнне аб непадаўжэнні дамовы было прынятае пасля заканчэння тэрміну яе дзеяння і з шэрагам працэсуальных парушэнняў, згаданыя санкцыі з’яўляюцца неабгрунтаванымі і з’яўляюцца прадметам разгляду ў Ваяводскага адміністрацыйнага суда, як мы ўжо згадвалі”, — тлумачаць у прасторы.
Там рэзюмуюць, што толькі на падставе рашэння суда будзе магчымым прававое развязанне канфлікту.
Сяргей Бульба таксама пракаментаваў дакумент, у якім Савет па дзейнасці ў грамадскіх інтарэсах рэкамендуе гораду і асацыяцыі “Беларускі Моладзевы Хаб” прыпыніць арэнду памяшкання. Бульба падкрэслівае, што гэта дакумент з’яўляецца рэкамендацыйным меркаваннем Медыяцыйнага савета і не з’яўляецца адміністрацыйным рашэннем, абавязковым да выканання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.