Антыкрызісных менеджараў хочуць пазбаўляць атэстата за "распаўсюд экстрэмізму"

Падрыхтаваны законапраект аб антыкрызісных менеджарах, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Праект пастановы Саўміна аб зменах у сістэме атэстацыі і пераатэстацыі антыкрызісных кіраўнікоў вынесла на грамадскае абмеркаванне Міністэрства эканомікі. Абмеркаванне законапраекта адбываецца на прававым форуме з 13 па 23 траўня.
У законапраекце ўдакладняюцца і дапаўняюцца падставы для спынення атэстата антыкрызіснага кіраўніка. Напрыклад, атэстат спыняць у выпадку, калі менеджар пазбаўляецца грамадзянства Беларусі або дазволу на пастаяннае пражыванне ў краіне. Таксама яго прапануюць спыняць пры наяўнасці непагашанай або не знятай судзімасці, у выпадку знаходжання на ўліку ў арганізацыях аховы здароўя ў сувязі з псіхічным засмучэннем (захворваннем), алкагалізмам, наркаманіяй, таксікаманіяй.
Аднак у законапраекце з'явіліся і палітычныя патрабаванні. Атэстат у антыкрызіснага менеджара прапануюць спыняць, калі ён прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці або папярэджаны за публічную дэманстрацыю нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі, "распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі", парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў. Усе гэтыя падставы часта выкарыстоўваюцца сілавікамі для палітычных рэпрэсій.
Ёсць у законапраекце і іншыя змены.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.