Амерыканец прыехаў на аўтобусе "Мінсктранса" прасіць палітычны прытулак у РБ

Турыстычны аўтобус на мяжы Беларусі і Польшчы, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА
10 траўня на аўтобусе "Мінсктранса" з Варшавы ў Беларусь прыехаў грамадзянін ЗША. У пункце пропуску "Брэст" ён папрасіў палітычны прытулак у нашай краіне. Пра гэтую гісторыю ў памежным чаце расказалі людзі, якія ехалі разам з ім, звярнула ўвагу выданне BGmedia.
Адзін з карыстальнікаў апісаў сітуацыю:
"РП-РБ [10 траўня]. 12:00 — выезд з аўтавакзала ў Варшаве. 15:10 — пад'ехалі да шлагбаўма (нікога не было). 15:30 — запусцілі палякі. Хутка прайшлі пашпартны кантроль, але ў нас аказаўся амерыканец, які просіць палітычнага прытулку ў Беларусі, вельмі доўга чакалі яго (амаль 4 гадзіны). Цяпер амаль 20:00, стаім на Варшаўскім мосце, перад намі аўтобусаў 5 дакладна. 21:40 — прайшлі беларусаў, чакаем астатніх. Разам: 6 гадзін".
Пра тое, ці пусцілі ў Беларусь гэтага грамадзяніна ЗША, не паведамляецца. Пра такі выпадак не паведамлялі ні Памежны, ні Мытны камітэты Беларусі. Не згадвала пра яго і прапаганда ў дзяржаўных СМІ.
Напрыканцы сакавіка на чыгуначнай станцыі Маладзечна затрымалі амерыканца Антона Роса. Ён трапіў у Беларусь з Літвы нелегальна ў таварным вагоне. Мужчына пакутуе на страту памяці. 8 траўня стала вядома, што Антон Рос разам з бацькамі пакінуў Беларусь. Перад тым ён больш за тры тыдні правёў у РНПЦ псіхічнага здароўя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.