Паслом ЗША ў Кіеве прызначылі Джулі Дэвіс — яна была спецпасланніцай па Беларусі

Святлана Ціханоўская і Джулі Дэвіс / Tsikhanouskaya.org
З 5 траўня кіраваць амбасадай ЗША ва Украіне будзе Джулі Дэвіс Фішэр, якая дагэтуль была спецпасланніцай ЗША па Беларусі. Дональд Трамп прызначыў дыпламатку часовай паверанай па справах Злучаных Штатаў ва Украіне.
"Амбасадарка Дэвіс ад імя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіа будзе каардынаваць супрацоўніцтва амбасады ЗША з урадам і народам Украіны. На гэтай пасадзе яна будзе прыкладаць намаганні для завяршэння вайны і спынення кровапраліцця, умацоўваючы двухбаковыя адносіны і робячы Амерыку і Украіну больш бяспечнымі", — гаворыцца ў паведамленні амерыканскай амбасады ва Украіне.
Джулі Дэвіс — дыпламатка з 30-гадовым досведам працы на сур'ёзных пасадах. Да новага прызначэння яна ўзначальвала амбасаду ЗША на Кіпры. У снежні 2020 года Дэвіс (яна насіла тады прозвішча Фішар) была прызначаная амбасадаркай ЗША ў Беларусі, аднак рэжым Лукашэнкі адмовіў дыпламатцы ў прыездзе праз асуджэнне ЗША гвалту і фальсіфікацый на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. Яшчэ раней Дэвіс была адной з намеснікаў Дзяржсакратара ЗША і займалася пытаннямі Заходняй Еўропы і Еўрапейскага саюза, а таксама была намеснікам пастаяннага прадстаўніка ЗША пры НАТА.
Чакаецца, што Джулі Дэвіс будзе выконваць абавязкі часовай паверанай у справах ЗША да таго часу, пакуль Дональд Трамп не прызначыць новага амбасадара ЗША ва Украіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.