Алексіевіч выдаткуе грошы на барацьбу з будаўніцтвам Астравецкай АЭС

13 кастрычніка Святлане Алексіевіч уручана Міжнародная прэмія міру нямецкіх гандляроў кнігамі за 2013 год. Памер прэміі — 25 тысяч еўра.

Агенцтва БелаПАН паведамляе, што цырымонія ўручэння прэміі прайшла ў царкве святога Паўла ў Франкфурце. Пісьменніца выступіла там з амаль паўгадзіннай прамовай. Алексіевіч распавяла, як ствараліся найбольш вядомыя яе творы, выказала сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў Беларусі і Расіі.

На яе думку, пасля адносна свабодных 1990-х актуальным стала тое, што, здавалася, ужо незваротна сышло ў гісторыю: камуністычныя ідэі і пераслед за іншадумства. "Мы думалі, што камунізм памёр, але гэтая хвароба — хранічная", — сказала Алексіевіч. Яна нагадала пра тысячы маладых людзей, якія выйшлі на вуліцы Мінска пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Атрыманую прэмію 65-гадовая Алексіевіч мае намер выкарыстоўваць для далейшай працы. Як паведамляе нямецкае інфармагенцтва DPA, яна плануе распаўсюджваць свае кнігі "у рэгіёне, дзе Лукашэнка збіраецца будаваць атамную станцыю".