Актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка выйшаў на волю
Ён адбыў адміністратыўны арышт у 10 сутак.
Актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка 3 студзеня вызваліўся з віцебскага ізалятара часовага ўтрымання.
Каваленку затрымалі 24 снежня, неўзабаве пасля таго,як на шматпавярховым доме ў цэнтры Віцебска быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. Актывіста асудзілі на 10 сутак арышту, прызнаўшы яго вінаватым у дробным хуліганстве. У прыватнасці, апазіцыянера абвінавацілі ў тым, што ён спраўляў малую патрэбу ў грамадскім месцы і супраціўляўся супрацоўнікам міліцыі.
На знак пратэсту супраць затрымання 39-гадовы Каваленка абвясціў галадоўку, якую трымаў цягам усяго арышту.
Як паведаміла БелаПАН жонка актывіста Алена, Сяргей вызваліўся ў 16.45 і пачуваецца ў цэлым нармальна, нягледзячы на галадоўку. Хутчэй за ўсё, ён будзе абскарджваць прысуд.
Сяргея Каваленку неаднаразова затрымлівала міліцыя. Тры гады таму яго асудзілі за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебска. У месцах пазбаўлення волі ён абвясціў галадоўку, якую трымаў каля двух месяцаў.
Фота: vitebskspring.org