Адсутнасці на саміце Байдэна Пуцін будзе апладзіраваць стоячы — Зяленскі
Уладзімір Зяленскі ў Бруселі / Reuters
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі ў Бруселі заявіў, што Уладзімір Пуцін баіцца "Глабальнага саміту міру" і спрабуе сарваць яго. Міжнародная мірная канферэнцыя мусіць прайсці 15-16 чэрвеня 2024-га ў Швейцарыі. Днямі Зяленскі заклікаў прыехаць на канферэнцыю прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і кітайскага лідара Сі Цзіньпіна. Кіеў спадзяецца, што яна будзе прадстаўнічая, з удзелам да 100 краін свету (Расію не запрашалі).
Верагодную адсутнасць Байдэна на саміце ўкраінскі прэзідэнт назваў "не вельмі моцным рашэннем". "Я б вельмі хацеў, каб прэзідэнт Байдэн асабіста прысутнічаў, і ведаю, што Амерыка падтрымлівае саміт, але мы з вамі не ведаем, на якім узроўні, — гаварыў у аўторак у Бруселі Зяленскі. — Лічу, што прэзідэнт Байдэн патрэбны саміту міру, патрэбны іншым лідарам, якія глядзяць на рэакцыю ЗША. Яго адсутнасці будзе апладзіраваць толькі Пуцін. Прычым стоячы".