Адпусцілі некаторых затрыманых па карупцыйнай справе на Мазырскім НПЗ

Ігара Драгеля ўзнагароджвае старшыня аблвыканкама Іван Крупко 

Ігара Драгеля ўзнагароджвае старшыня аблвыканкама Іван Крупко  / Мазырскі НПЗ

Праз месяц пасля затрыманняў на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе афіцыйных каментароў па карупцыйнай справе так і не з'явілася. Аднак некаторых затрыманых адпусцілі, піша выданне "Флагшток" са спасылкай на крыніцы, звязаныя з заводам.

Першапачаткова паведамлялася, што сілавікі схапілі на прадпрыемстве больш за 10 чалавек, сярод якіх былі пяць топ-менеджараў.

Сярод тых, каго адпусцілі — начальнік юрыдычнай службы Ігар Драгель. Цяпер ён праходзіць па карупцыйнай справе як сведка і па-ранейшаму працуе.

Таксама сталі вядомыя прозвішчы яшчэ некалькіх затрыманых на НПЗ. Раней паведамлялася, што сілавікі затрымалі дырэктара дырэкцыі па рэканструкцыі і развіцці Аляксандра Гуда разам з жонкай. Дзякуючы "Рабочаму руху" стала вядома яе імя — эканаміст Наталля Мішкова.

Таксама ў ліку затрыманых апынуўся намеснік гендырэктара па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Сяргей Трунін.

У "Рабочым руху" сцвярджаюць, што сілавікі затрымлівалі і некалькіх былых топ-менеджараў завода. Гэта экс-намеснік гендырэктара па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Максім Дворак і былы галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Тукач.

А цяперашні галоўны інжынер Сяргей Грамовіч, якога затрымалі па гэтай справе, дагэтуль пазначаны на сайце на гэтай пасадзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.