Аднаўленне электразабеспячэння на “Магілёўхімвалакне” зойме не менш за тыдзень

"Магілёўхімвалакно" / fezmogilev.by
Завод "Магілёўхімвалакно" дагэтуль застаецца без электрычнасці пасля ўрагана, які абрынуўся на рэгіён. Пра гэта ў каментары дзяржСМІ паведаміў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз.
"Электраэнергія пададзеная ва ўсе населеныя пункты, даведзеная да кожнага спажыўца і прамысловага прадпрыемства. Выключэннем стала "Магілёўхімвалакно" — гэта самы цяжкі ўчастак, там пашкоджаны тэхналагічны токаправод", — удакладніў ён.
Паводле Мароза, без аднаўлення гэтага токаправода немагчыма цалкам аднавіць рэжым працы прадпрыемства. "Цяпер працуюць інжынерны персанал, праекціроўшчыкі, будаўнікі для таго, каб знайсці тэхнічнае рашэнне", — дадаў чыноўнік. Пасля гэтага ён заявіў, што "ў цэлым яно знойдзена" і ўжо рэалізуецца.
На думку міністра, поўнае аднаўленне электразабеспячэння на прадпрыемстве зойме "не менш за тыдзень".
Ураган абрынуўся на Магілёў у ноч на 10 ліпеня. Вецер выдзіраў з коранем дрэвы, былі абясточаныя пяць ліній электраперадачы. "Магілёўхімвалакно" спынілася праз паломку мясцовай ЦЭЦ-2.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.