Каля 5 тысяч дрэваў пашкодзіў ураган у Магілёве

Наступствы ўрагана ў Магілёве / БЕЛТА
У Магілёве працягваюць ліквідоўваць наступствы ўрагану, які абрынуўся на горад уначы 10 ліпеня.
Пасля ўрагану на вуліцах горада былі паваленыя дрэвы, пашкоджаныя электрычныя сеткі ў прыватным сектары, дахі дамоў і аўтамабілі. На гарачую лінію 101 паступіла больш за 4100 зваротаў, кажа начальнік Магілёўскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў Башарымаў.
"Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку стыхіі пашкоджана 238 дахаў, з якіх 109 — прыватныя дамы, 80 — шматпавярховыя будынкі, а 38 — установы адукацыі", — падсумоўвае ён у каментары БЕЛТА наступствы разгулу стыхіі.
У МНС кажуць, што было зафіксавана 395 выпадкаў падзення дрэваў на праезныя часткі, дамы і аўтамабілі. Агулам зарэгістравана каля 5 тысяч паваленых дрэваў.
Для прыборкі паваленых дрэваў і расчысткі праезнай часткі ратавальнікі горада выязджалі 502 разы, прыбраўшы 962 дрэвы.
У ліквідацыі наступстваў удзельнічаюць 23 адзінкі тэхнікі МНС і 117 спецыялістаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.