Адбылася найбольшая ў гісторыі ўцечка інфармацыі — 16 мільярдаў пароляў

Камп'ютарная бяспека, ілюстрацыйнае фота

Камп'ютарная бяспека, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Эксперты паведамляюць пра самы грандыёзны ўзлом баз даных у гісторыі. Былі ўзламаныя 30 баз даных, у кожнай з якіх было ад дзясяткаў мільёнаў да больш як 3,5 мільярда запісаў. У адкрытым доступе апынуліся 16 мільярдаў пароляў і логінаў, паведамляе выданне Forbes.

Спецыялісты сцвярджаюць, што фармат большай часткі скрадзеных пароляў адкрывае доступ "амаль да любога онлайн-сэрвісу, які можна ўявіць — ад Apple, Facebook і Google да GitHub, Telegram і нават дзяржаўных паслуг". Большасць даных структураваныя ў наступным фармаце: URL, затым даныя ўліковага запісу і пароль.

Лагіны і паролі, як заяўляюць эксперты, ужо трапілі на чорны рынак.

Такая ўцечка можа мець сур'ёзныя наступствы: крадзяжы асабістай інфармацыі, фінансавыя махінацыі, узлом уліковых запісаў у сацыяльных сетках ды іншых сэрвісах. Спецыялісты рэкамэндуюць кампаніям узмацніць абарону карыстальнікаў, а звычайным людзям —– тэрмінова памяняць свае паролі і ўключыць двухфактарную ідэнтыфікацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.