Ад расійскай атакі на папраўчую калонію ў Запарожжы загінулі 16 чалавек
Украінскі ратавальнік, ілюстрацыйнае фота / ДСНС Украіны
У ноч на 29 ліпеня расіяне атакавалі папраўчую калонію ў Запарожскай вобласці. Пра гэта піша hromadske са спасылкай на кіраўніка Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Івана Фёдарава.
Паведамляецца, што за мінулую ноч расіяне восем разоў абстралялі Запарожскі раён, папярэдне — фугаснымі авіябомбамі (ФАБ). У тым ліку яны пацэлілі па папраўчай калоніі. У выніку ўдару 16 чалавек загінулі, а яшчэ 35 атрымалі раненні. Пацярпелым аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу.
Памяшканні калоніі разбураныя, прыватныя дамы побач пашкоджаныя.
За мінулыя суткі расіяне нанеслі 672 удары па 14 населеных пунктах Запарожскай вобласці.