Ад цыклона “Зісі” рэзка павялічылася колькасць аўтааварыяў у Мінску

Цыклон “Зісі” справакаваў рэзкі рост дарожна-транспартных здарэнняў у Мінску. За мінулыя суткі зарэгістравалі 165 ДТЗ, што на 45% болей, чым у звычайныя дні. Пра гэта паведамляе сталічная гарадская ДАІ.
Дзяржаўтаінспекцыя чарговым разам заклікае ўсіх удзельнікаў дарожнага руху быць максімальна ўважлівымі і асцярожнымі ў складаных дарожных умовах — выбіраць бяспечную хуткасць руху, кіруючыся станам праезнай часткі і бачнасці ў напрамку руху. Рэкамендуецца павялічыць не толькі дыстанцыю да аўтамабіля, які знаходзіцца наперадзе, але і бакавы інтэрвал. Варта таксама пазбягаць рэзкіх тармажэнняў і любых манеўраў, каб не справакаваць ДТЗ, бо ў галалёдзіцу машыну можа нечакана развярнуць.