Абвешчаны прысуд па гібелі роўпджампера ў Соснах

Абвешчаны прысуд па гібелі роўпджампера ў Соснах

Суд Заводскага раёна Мінска абвясціў прысуд 27-гадоваму Аляксею Нікітчанку — індывідуальнаму прадпрымальніку, які арганізаваў скачкі з 70-метровай вышыні ў Соснах. Як паведамлялася раней, у чэрвені 2017 года там пры скачку разбіўся жыхар Салігорска Яўген Лапановіч

Нікітчанку прызналі вінаватым у прычыненні смерці па неасцярожнасці. Яго прысудзілі да максімальна магчымага пакарання — трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі, паведамляе tut.by. Таксама суд абавязаў яго выплаціць 60 тысяч рублёў бацьку загінулага роўпджампера, 30 тысяч яго роднай сястры, а таксама 6000 рублёў — кампенсацыю маёмаснай шкоды.

Калі пазовы не будуць пагашаныя своечасова, у яго канфіскуюць маёмасць: аўтамабіль "Хонда", тэлевізар, рыштунак для скачкоў, квадракоптар, 250 рублёў, камеру і наручны гадзіннік.

Прадпрымальнік і яго адвакат настойвалі на тым, што адбыўся няшчасны выпадак. Адвакат прасіў апраўдаць падабароннага. 

Падчас судовага разбору высветлілася, што арганізатар скачка Нікітчанка не рыхтаваў Лапановіча да скачка, не апрануў на яго страховачны пояс, не праводзіў інструктаж. Упершыню маладога чалавека ён пабачыў, калі той выйшаў на масток, каб зрабіць скачок. Лапановіч разбіўся пасля таго, як зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне. 

Прысуд не набыў законную сілу і можа быць абскарджаны.