500 тысяч смерцяў за паўгода ад ковіда: СААЗ занепакоена сітуацыяй у Еўропе
У беларускай бальніцы / Еўрарадыё
Калі не прыняць тэрміновыя абмежавальныя меры, то Еўропа атрымае 500 тысяч смерцяў ад каронавіруса да сакавіка наступнага года. Пра гэта распавёў дырэктар Еўрапейскага бюро СААЗ Ханс Клюге.
"Covid-19 зноў стаў прычынай смяротнасці нумар адзін у нашым рэгіёне", — распавёў ён у эфіры BBC, — "але мы ведаем, што трэба рабіць, каб змагацца з хваробай".
Доктар Клюге сказаў, што прымусовыя меры вакцынацыі варта разглядаць як "крайні сродак", але што было б "вельмі своечасова" правесці "прававыя і грамадскія дэбаты" па гэтым пытанні.
Пры гэтым, Міністэрства аховы здароўя Беларусі працягвае рапартаваць, што "кавід адступае" і распавядае, што клінікі вяртаюцца да планавай працы па ўсёй краіне. Вярнуцца да аказання планавай дапамогі каля месяца таму ад медыцынскіх чыноўнікаў запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.