45 грамадзян Індыі, якіх падманам адправілі ваяваць ва Украіну, звольнілі
Індыйцы запісвалі відэа і прасілі аб дапамозе / Кадр з відэа
45 грамадзян Індыі, якіх падманам адправілі ваяваць ва Украіну, "выратавалі з зоны баявых дзеянняў" і звольнілі з Узброеных сіл РФ, паведаміў індыйскі МЗС. Яшчэ паўсотні індыйцаў застаюцца ў расійскай арміі на фронце. Улады Індыі прыкладаюць намаганні "па іх выратаванні і вызваленні".
Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі ў ліпені наведаў Расію і здолеў дамовіцца з Уладзімірам Пуціным пра звальненне індыйцаў з расійскай арміі. Перад гэтым у інтэрнэце з'яўлялася відэа, на якім грамадзяне Індыі ў расійскай вайсковай форме кажуць, што іх падманам прымусілі ўдзельнічаць у вайне ва Украіне. Мужчыны папрасілі ім дапамагчы.
Як мінімум, чацвёра грамадзян Індыі ўжо загінулі на вайне. Тых, хто іх вербаваў "на працу", палохаюць "самымі жорсткімі юрыдычнымі мерамі".