20 т яблыкаў з Беларусі ў Расію везлі па дакументах як піва

На мінулых выходных спецыялісты Рассельгаснагляду ў Смаленскай вобласці Расіі затрымалі чатыры вялікагрузныя аўтатранспартныя фуры, якія рухаліся з Беларусі. Аўтамабілі перавозілі яблыкі, цытрусавыя і салату. Перавозчыкамі былі грамадзяне Беларусі.
Агульная вага затрыманых партый перавысіла 57 тон. Прычым, як інфармуе прэс-служба Рассельгаснагляду, 19,5 тоны яблыкаў перавозіліся пад прыкрыццём і былі пазначаныя як піва.
Больш за 38 тон цытрусавых і салата, як было пазначана ў таварна-транспартных накладных, прызначаліся для Казахстана. Але адсутнічалі фітасанітарныя сертыфікаты на прадукцыю, а на маркіроўцы была пазначаная Іспанія. Атрымальнікам і ўладальнікам прадукцыі стала юрыдычная асоба Смаленскай вобласці.
Упраўленне Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях праводзіць комплекс праверачных мерапрыемстваў па гэтых фактах. Пасля праверкі ўсе затрыманыя грузы будуць знішчаныя.