13 краін ЕС абвінавацілі РБ і РФ у перашкодах працы навігацыйных сістэм

Спадарожнікавая антэна, ілюстрацыйнае фота

Спадарожнікавая антэна, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Міністры транспарту 13 еўрапейскіх краін абвінавацілі Расію і Беларусь у стварэнні перашкодаў у працы глабальных навігацыйных спадарожнікавых сістэм (ГНСС). Яны заклікаюць Еўракамісію прыняць меры ў адказ. Пра гэта паведамляецца на сайце Міністэрства транспарту і камунікацый Літвы, заўважыла DW.

Пісьмовы зварот падпісалі міністры Літвы, Латвіі, Эстоніі, Германіі, Славакіі, Фінляндыі, Славеніі, Чэхіі, Італіі, Нідэрландаў, Іспаніі, Даніі і Румыніі.

Паводле іх, з 2022 года ў паветранай прасторы над Балтыйскім морам фіксуюцца два тыпы перашкодаў ГНСС — глушэнне і спуфінг (падробка сігналу). Гэта пагражае розным відам транспарту, у тым ліку грамадзянскай авіяцыі і марскога суднаходства.

Гэтыя перашкоды міністры лічаць наўмыснымі дзеяннямі з боку Расіі і Беларусі.

"Збоі ў сігналах ГНСС аказваюць прамы ўплыў на стратэгічныя сектары, такія як транспарт, энергетыка і тэлекамунікацыі. Каб прадухіліць патэнцыйныя інцыдэнты, мы павінны дзейнічаць хутка і рашуча на ўзроўні Еўрапейскага саюза — не індывідуальна, а скаардынавана", — кажа літоўскі міністр транспарту і камунікацый Эўгеніюс Сабуціс.

Міністры заклікаюць ЕС аказаць ціск на адказныя бакі, узмацніць маніторынг радыёчастот і палепшыць каардынацыю паміж грамадзянскім насельніцтвам і вайскоўцамі для сумеснага маніторынгу і абмену данымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.