Зянону Пазняку споўнілася 80 гадоў
Зянон Пазняк / Euroradio
Лідару партыі КХП-БНФ і руху "Вольная Беларусь" Зянону Пазняку споўнілася 80 гадоў. Ён нарадзіўся ў Суботніках у Іўеўскім раёне. Яго бацька Станіслаў Пазняк у 1944-м быў прызваны ў Чырвоную Армію і загінуў на фронце, дзеда, беларускага палітыка Яна Пазняка ў 1939-м рэпрэсавалі савецкія ўлады.
Зянон Пазняк — мастацтвазнаўца, археолаг, літаратар, фатограф. Ужо ў савецкія часы ўдзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, які быў у падполлі. У 1988-м з яго непасрэдным удзелам была адкрыта праўда пра Курапаты — пра масавыя расстрэлы людзей савецкімі карнымі органамі. У 1989-м стаў лідарам Беларускага народнага фронту "Адраджэнне". З 1990 года быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, кіраўніком фракцыі Апазіцыі БНФ. Пад ціскам фронтаўцаў і дэманстрантаў парламент, у якім была пракамуністычная большасць, 25 жніўня 1991-га аднавіў дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Неўзабаве бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" сталі дзяржаўнымі.
У 1994 годзе Зянон Пазняк прайграў прэзідэнцкія выбары Аляксандру Лукашэнку. З 1996 года палітык вымушана жыве за мяжой, выдаў дзясяткі кніг (паэзію, публіцыстыку, успаміны). Ён працягваў кіраваць КХП-БНФ, якую рэжым Лукашэнкі ліквідаваў у 2023 годзе. Цяпер Пазняк кіруе рухам "Вольная Беларусь", жорстка крытыкуе розныя асяродкі беларускага дэмруху.
Зянон Пазняк заявіў пра пагрозу "расійскага імперыялізму" яшчэ 30 гадоў таму.