Зяленскі заявіў, што на баку РФ ваюе не менш за 155 кітайцаў

Пашпарт кітайца / t.me/V_Zelenskiy_official/
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у сераду, што на баку РФ ваюе не менш за 155 кітайцаў. "Кітайскае пытанне сур'ёзнае, — кажа ён. — Ёсць 155 чалавек з прозвішчамі, з пашпартнымі звесткамі — 155 грамадзян Кітая, якія ваююць супраць украінцаў на тэрыторыі Украіны. Мы збіраем інфармацыю, лічым, што іх больш, нашмат".
Вярбуюць кітайцаў на вайну ў асноўным праз сацыяльныя сеткі (у тым ліку і TikTok), у якіх расіяне распаўсюджваюць адпаведныя рэкламныя ролікі. І гэта толькі "адна з схем", і пра яе ведаюць улады КНР, адзначыў Зяленскі. Ён дапускае, што можа быць яшчэ і таемная вярбоўка.
8 красавіка стала вядома, што два кітайцы, якія ваявалі ў Данецкай вобласці, трапілі ў палон да УСУ. Афіцыйны Пекін абвяргае адпраўку сваіх грамадзян на вайну ва Украіну.
Са слоў палонных стала вядома, што іх збіралі ў Маскве. Пасля медагляду адпраўлялі на палігоны, а праз месяц-два — на фронт. Іх служба аплачваецца.



Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.