Два кітайцы, якія ваявалі ў Данецкай вобласці, трапілі ў палон да УСУ

Кітаец, узяты ў палон ва Украіне / кадр са старонкі Уладзіміра Зяленскага ў Фэйсбуку
Двое грамадзян Кітая, якія ваявалі ў складзе расійскай арміі ў Данецкай вобласці, трапілі ва ўкраінскі палон. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Ён заявіў, што палонныя былі ўзятыя падчас бою ўкраінскіх вайскоўцаў у раёне Тарасаўкі і Белагораўкі з шасцю кітайцамі. Палонных перадалі ў Службу бяспекі Украіны. З імі вядуцца следчыя і аператыўныя дзеянні. Украіна мае іх дакументы, банкаўскія карты і асабістыя даныя.
Зяленскі падкрэсліў, што ў складзе расійскага войска ваююць і іншыя кітайцы: "Такіх грамадзян Кітая ў падраздзяленнях акупанта значна больш, чым двое. Зараз высвятляем усе факты. Працуюць разведка, СБУ, адпаведныя падраздзяленні Узброеных сіл".
Ён даручыў міністру замежных спраў Андрэю Сібігу неадкладна звязацца з Пекінам і высветліць рэакцыю Кітая на гэты інцыдэнт. Уцягванне Кітая ў вайну супраць Украіны, на думку Зяленскага, — "выразны сігнал, што Пуцін збіраецца рабіць што заўгодна, акрамя заканчэння вайны".
Дарэчы, у палон да УСУ замежнікі трапляюць не першы раз. 11 студзеня ўкраінскія байцы ўзялі ў палон першых двух вайскоўцаў з Паўночнай Карэі — гэта адбылося ў Курскай вобласці РФ.
Зяленскі звярнуў увагу на розніцу: байцы з КНДР ваявалі на тэрыторыі РФ, а кітайцы ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях ва Украіне. Ён адзначыў гэта як важны момант, які трэба абмяркоўваць з партнёрамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.