У расійскай зброі ва Украіне ўпершыню знайшлі індыйскія дэталі

Дроны, ілюстрацыйнае фота

Дроны, ілюстрацыйнае фота / futurezone.at

У расійскім узбраенні выявілі амаль 200 новых кампанентаў. Гэта дэталі, вырабленыя ў Кітаі, Паўночнай Карэі, ЗША і ўпершыню — у Індыі. Пра гэта паведамляе Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны.

Гаворка ідзе пра CRP-антэны расійскага дрона-камікадзэ "Герань-2", камп'ютары з ракеты Х-47 "Кінжал", паўночнакарэйскую балістычную ракету KN-24, а таксама беспілотнікі Supercam S350, "Гербера" і Zala.

Украінская разведка адзначае, што ў новай CRP-антэне "шахеда" выявілі толькі два чыпы амерыканскай вытворчасці. Гэта сведчыць, што расія змяншае залежнасць ад заходніх кампанентаў. Іншыя мікрасхемы, выяўленыя ва ўзбраенні, маюць пераважна кітайскае паходжанне — гэта трансіверы, генератары і пераўтваральнікі сігналаў.

Упершыню ў рускай зброі знайшлі індыйскі кампанент — тактавы буфер ад Aura Semiconductor. Вытворцаў яшчэ двух знойдзеных дэталяў пакуль не вызначылі, але папярэдне мяркуецца, што гэта кітайскія вырабы.

Як падкрэслівае hromadske.ua, раней украінская разведка паведамляла, што ў новых "шахедах", выкарыстаных у 2025 годзе, з'явіліся абароненыя ад перашкод антэны з маркіроўкай на кітайскай мове. У іх толькі два з 15 элементаў былі зробленыя ў ЗША (Texas Instruments і Linear Technologies).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.