Зяленскі ўвёў санкцыі супраць аднаго беларускага завода
Завод дакладнай электрамеханікі / president.gov.by
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўвёў санкцыі супраць беларускага "Завода дакладнай электрамеханікі".
Беларускае прадпрыемства трапіла ў санкцыйны пакет, уведзены супраць асоб і кампаній, датычных да вытворчасці авіяцыйнай тэхнікі і беспілотнікаў. У спісе — 56 чалавек і 55 кампаній, што дзейнічаюць у Расіі, Кітаі і на часова акупаванай тэрыторыі Украіны. Адзінае беларускае прадпрыемства ў гэтым пераліку — "Завод дакладнай электрамеханікі".
У 2017 годзе ў эфіры беларускага дзяржаўнага тэлебачання паведамлялася, што завод сумесна з расійскім навукова-вытворчым аб’яднаннем "Сплаў" выпускае снарады для рэактыўных сістэм залпавага агню "БелГрад".
У 2024–2025 гадах гэты ж завод трапіў пад санкцыі Вялікабрытаніі і Еўрасаюза. МЗС Вялікабрытаніі адзначала, што прадпрыемства "працуе ў стратэгічна важных для ўрада галінах" і вырабляе "розную абаронную прадукцыю".
Санкцыі ўводзяцца на 10 гадоў.