Зваршчык з Магілёва адсудзіў у ЖЭУ 7 мiльёнаў рублёў

Грамадскі актывіст Валадар Цурпанаў падаваў скаргу на ЖЭУ №11 Кастрычніцкага раёна Магілёва за адмову прыняць яго на працу. З апошняга месца працы яго звольнілі паўгода таму. Нефармальнымі падставамі для звальнення сталі пастаянныя патрабаванні належных умоў працы з боку работніка. З-за сваёй прынцыповасці Валадар застаўся без працы і звярнуўся ў службу занятасці. Так ён апынуўся ў ЖЭУ №11. Але там спаслаліся на адсутнасць вакансій і ў прыняцці на працу адмовілі.

Магiлёвец вырашыў дамагчыся справядлівасці ў судзе і даказаць, што яго не прымаюць на працу па суб'ектыўных прычынах, парушаючы працоўнае заканадаўства. I нечакана 9 красавiка суд Кастрычнiцкага раёна Магiлёва стаў на бок Цурпанава. Суддзя Валянцiна Лукашэвiч прызнала ЖЭУ вінаватым і прадпiсала выплаціць магілёўцу кампенсацыю ў памеры трох сярэднямесячных беларускіх заробкаў.

Фота: Facebook